Политика

Наталля Север

Дракахруст: «Лукашэнка зараз узважвае. Падмануўшы Трампа, можна аказацца ў сітуацыі горшай, чым была»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра развіццё стасункаў паміж Вашынгтонам і Мінскам.  

Напярэдадні амерыканскія ваенныя назіральнікі нечакана наведалі сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025». Улічваючы тое, што адбываецца гэта на фоне інцыдэнту з дронамі, якія парушылі польскую мяжу з боку Беларусі, а таксама на фоне поўнага закрыцця мяжы, гэты візіт выклікае пытанні.

«Салідарнасць» спытала у палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Юрыя Дракахруста, чым выклікана ўвага з боку ЗША.

— Я мяркую, што гэта чарговы этап у палітыцы пацяплення стасункаў паміж Вашынгтонам і афіцыйным Мінскам, — адказвае Юры Дракахруст. — Ён цалкам убудоўваецца ў шэраг крокаў: гэта і званок Трампа Лукашэнку, і яго з Меланіяй ліст з віншаваннямі, і абяцанні вярнуць амбасаду, і зняцце санкцый з «Белавія». І ў працяг гэты візіт.

Юры Дракахруст

Наколькі я разумею, запрашалі ўсіх ваенных аташэ, у тым ліку і краін НАТА. Адгукнуліся менавіта ад НАТА Вугоршчына і Турэччына, але ЗША, зразумела, іншае.

Таму гэта жэст, які сведчыць пра тое, што ЗША працягваюць курс на пацяпленне.

Думаю, абодва бакі падлічваюць такія жэсты. Мы чулі, як Трамп абвясціў лічбу «1300-1400 закладнікаў». Спачатку вызвалілі 14, пасля яшчэ 52 чалавека.

Пасля гэтага мяч, як казаў спадар Коул, апынуўся на амерыканскім баку. Ну вось, цяпер мяч акуратна перакінулі на другі бок: маўляў, працяг за вамі.

— Ці Мінск расцэньвае гэта як зваротны пас?

— Безумоўна. Канешне, гэта не мільярд долараў, што называецца, на хлеб не намажаш. Але крок таксама важны. Гэта ўсё ж форма прызнання, прычым у такой вельмі далікатнай сферы.

Таму што ідзе вайна, Беларусь у гэтай вайне дапамагае агрэсару, як мы даведаліся нарэшце ад спадара Трампа, і ладзіць вучэнні разам з агрэсарам. Тым не менш амерыканцы прыязджаюць паназіраць.

Так, не скажу, што гэты крок галоўны ў поўным кейсе. Асабліва пасля тых слоў, якія былі напісаны ў лісце Трампа Лукашэнку і ў яго твітах. Але ў ваеннай сферы такія жэсты раней не рабіліся.

— То-бок, калі разглядаць усё ў агульным кейсе, здаецца, што амерыканскі бок выкарыстоўвае розныя спосабы, каб дамовіцца з Лукашэнкам пра вызваленне людзей. Але ж той таксама не дурань. Гэтага імаверна не будзе дастаткова для вызвалення тысячы палітвязняў?

— На гэта пытанне складана адказаць з той прычыны, што ўсё ж такі самыя асноўныя, самыя цяжкія, балючыя і непрыемныя — санкцыі еўрапейскія.

І Еўропа не дэманструе ніякай гатоўнасці ў гэтым пытанні ісці, што называецца, у фарватары Трампа. Літаральна напярэдадні афіцыйны прадстаўнік Літвы сказаў, што ўсе саступкі Лукашэнку — гэта суверэннае рашэнне Злучаных Штатаў.

У той жа час Еўразвяз прымае ўласныя рашэнні і не збіраецца адчыняць тыя ж парты для транзіту беларускага калію. І з «Белавія» яны не збіраюцца здымаць санкцыі.

Умоўна кажучы, калі нават амерыканцы і зробяць шырокі жэст і здымуць санкцыі на калій, гэта можа даць магчымасць Беларусі гандляваць з Амерыкай калійнымі ўгнаеннямі, але гандляваць яны ўсё роўна будуць праз Усьць-Лугу, порт у Ленінградскай вобласці РФ.

А Беларусі хацелася б адкрыць усе рынкі. У прынцыпе Лукашэнку не хацелася б залежыць ад расіян. Нагадаю, у 2019 годзе, калі Расія наўпрост дамагалася і публічна заяўляла, што Беларусь павінна перанакіраваць свой транзіт з Клайпеды на Усьць-Лугу, Лукашэнка прыводзіў мільён тлумачэнняў, але пераводзіць транзіт не хацеў.

Тады Масква, канешне, войскі не дасылала, каб дамагчыся гэтага, але пэўны ціск адбываўся. Яны гэтага хацелі. І вось, нарэшце, атрымалі.

На мой погляд, ідэальная схема для Лукашэнкі, якую ён бачыць, гэта абмяняць усіх палітвязняў і, магчыма, калі не спыненне, то змякчэнне рэпрэсій на адмену ўсіх санкцый.

Але насуперак розным версіям пра тое, што быццам бы амерыканскі прэзідэнт толькі пстрыкне пальцамі — і ўся Еўропа выстраіцца па камандзе, трэба адзначыць, што так і раней не было, і цяпер зусім не так.

Еўропа кажа, што ў яе свае меркаванні і свой погляд. Гэта не азначае, што яе пазіцыя будзе такой непахіснай увесь час. Але пакуль яна такая. Таму цяжка казаць, на чым сыдуцца бакі.

Я б адзначыў яшчэ такі момант. Вядома, Трамп — чалавек своеасаблівы. Паколькі ён гаворыць пра 1300-1400 закладнікаў, а яго ніхто не прымушаў так казаць, то, гледзячы па ўсім, на гэты конт была нейкая папярэдняя дамоўленасць.

Не думаю, што ён проста прачытаў, там, справаздачу беларускіх праваабаронцаў і раптам сказаў «хачу гэта». Як мы ведаем з расповедаў Коула, бакі ўзаемадзейнічаюць даволі шчыльна і на самым вышэйшым узроўні, на ўзроўні Лукашэнкі.

Гледзячы па ўсім, былі дадзеныя і нейкія абяцанні. І вось праз час раптам сказаць: ай не, я перадумаў, вырашыў, што вам будзе зашмат, паколькі вы не здолелі прымусіць зняць санкцыі Еўропу. А толькі вашых саступак нам не дастаткова.

Здаецца, Трампу такое вельмі не спадабаецца. А атрымаць зваду з ім зусім не здорава. Мяркую, што Лукашэнка зараз узважвае. Можа быць, у яго і ёсць спакуса кінуць перамовы, але гэта і рызыкі, бо, падмануўшы Трампа, можна аказацца ў сітуацыі, горшай, чым была.

Бо не факт, што тое, што можа сабе дазволіць Пуцін, можа дазволіць і Лукашэнка. Можа ён і рызыкне. Але гэта будзе мець кошт.

І вось ён узважвае: лепш хоць нейкую саступку яшчэ атрымаць ад Штатаў і ўсё ж выканаць свой бок абавязацельстваў, ці палезці на ражон і, можа, згубіць наогул усё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(9)