Филин

Юлія Кот

Дракахруст: «З шарамі, падобна на тое, сітуацыю мадэруюць. Як ні дзіўна, у межах стратэгіі дасягнення вялікай здзелкі»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст разважае ў каментары Филину, каму спатрэбіліся кантрабандныя метэазонды і ці спрацуе звыклая для Лукашэнкі «дыпламатыя скандалу».

Літва на месяц закрыла мяжу з Беларуссю. Польшча, наадварот, паведаміла пра гатоўнасць адкрыць два наземныя пункты пропуску — але не проста заўтра. Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй канферэнцыі па бяспецы назваў рашэнне Літвы вар’яцкай аферай. І прапанаваў Еўропе дамаўляцца «ў межах глабальнай здзелкі».

Што адбываецца, каму дасылаюць сігналы беларускія ўлады і на што разлічваюць?

Филин абмеркаваў гэта з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.

— Польскія пасылы, на мой погляд, больш-менш зразумелыя, — зазначае суразмоўца. — У мінулым месяцы яны ўвялі блакаванне мяжы на два тыдні, убачылі, што наўпроставага эфекту няма: палітвязні, у якіх Польшча зацікаўленая, на волю не выйшлі, міграцыйны крызіс напрыканцы верасня-пачатку кастрычніка не змяншаўся. Таму, магчыма, сталі думаць над іншымі варыянтамі, так бы мовіць, уздзейнічаць не пугай, а пернікам.

Аналітык не выключае, што пэўны ўплыў на гэтыя развагі меў перамоўны працэс паміж Вашынгтонам і Мінскам, у які Варшава вырашыла ўпісацца па сваім трэку.

Тое, што адбылося з Літвой, гаворыць Юры Дракахруст, патлумачыць больш складана:

— Называлася лічба ў 66 кантрабандных шароў, якія заляцелі ў Літву за адну ноч — але потым было ўдакладненне, што гэта за месяц. З пачатку года іх заляцела, як расказвалі літоўскія памежнікі, больш 500, у адзін з месяцаў было нават 77 шароў.

То бок, няпроста зразумець: справа ў тым, што цяпер — пік гэтых прылётаў, і літоўцы адрэагавалі на яго, ці раздражненне назапашвалася і зараз выплюхнулася, магчыма таму, што гэтыя шары сталі перашкаджаць палётам самалётаў?

Ёсць пытанні і да беларускага боку: ці гэта выпадковасць, проста спантанна так атрымалася (але неяк зашмат прыляцела цяпер гэтых шароў, каб палічыць гэта выпадковасцю) ці слушна правесці аналогію з мігрантамі, на паток якіх уплывае беларуская ўлада, і гэтаму ёсць фактычныя доказы?

Мы праводзілі матэматычны аналіз, як падскокваў міграцыйны паток пасля ўвядзення кожнага пакету санкцый — з шарамі, падобна на тое, што сітуацыю мадэруюць таксама.

Бачыў версіі, маўляў, гэта рускія прыехалі і запусцілі шары, каб Лукашэнку насаліць. Па шчырасці, слаба ўяўляю, як гэта магчыма. Альбо што нейкія сілавікі-ястрабы маглі нешта зрабіць, каб падарваць перамоўны працэс. Можа быць, аднак не вельмі імаверна.

У мяне ёсць версія, што гэта ўсё зроблена беларускімі ўладамі — як ні дзіўна, у межах стратэгіі дасягнення «вялікай здзелкі». Здавалася б: калі ты хочаш дамовіцца з людзьмі, ты павінен іх улагоджваць. Насамрэч, гэта неабавязкова. Ёсць стратэгічны прынцып, што ўжываюць многія краіны: «дээскалацыя праз эскалацыю». Калі вы не ўлагоджваеце партнёраў, а абвастраеце сітуацыю, разлічваючы дамагчыся пагаднення хутчэй і на лепшых умовах.

Рэжым Лукашэнкі мог пайсці на гэты досыць рызыкоўны крок, зазначае Юры Дракахруст. Досвед «дыпламатыі праз скандал», крык і хамства ў Лукашэнкі ўжо ёсць — у свой час, да 2020 году, ён менавіта так будаваў стасункі з Масквой. І такім чынам, між іншым, дамагаўся сваіх мэтаў.

А калі так можна стасавацца нават з саюзнікамі, то чаму нельга з «несяброўскімі» краінамі? Проста дзеля таго, каб уцягнуць іх у дыялог, каб задаць новы фармат стасункаў.

Інакш чаму Лукашэнка на еўразійскай канферэнцыі па бяспецы заявіў беспрэцэдэнтнае: маўляў, калі мы не маем рацыю, то можам і прабачэння папрасіць? І дадаў кавалак пазлу:  «нават «вялікія» ўмяшаліся».

Літаральна на наступны дзень амбасадар Літвы ў ЗША сустрэўся не з кім-небудзь, а з Джонам Коўлам, дарадцам прэзідэнта Трампа і галоўным амерыканскім перамоўшчыкам па Беларусі.

— Хоць яшчэ нядаўна, — нагадвае палітычны аглядальнік, — літоўскія палітыкі, і кіраўнік МЗС, і прэм’ер-міністарка, рэзка адмоўна ставіліся да амерыканскага дыялогу з Мінскам і казалі: мы не пойдзем за амерыканцамі.

Але ж звярнуліся акурат да таго чалавека, які вядзе «няправільныя» з гледзішча Вільні перамовы, і відаць, папрасілі ўздзейнічаць на Беларусь. То бок, яны ўжо ў тым перамоўным працэсе.

— Многія эксперты зазначаюць, што ў Еўропы кансалідаваная і досыць жорсткая пазіцыя па Беларусі, перадусім дзякуючы прынцыповай пазіцыі краін-суседак. Ці магчыма, што адна з мэтаў правакацый рэжыму — разбурыць гэтае адзінства?

— Адкажу так: мэта ў тым, каб Еўропа ўступіла ў перамовы. І гэтай мэты спрабуюць дасягнуць па-рознаму.

Мы ведаем пра місію Амбразевіча, які ездзіць у Парыж, Рым, ёсць лінія з Ватыканам. Але і манэўры з Польшчай і з Літвой — таксама ўпісаныя ў гэтую больш шырокую стратэгію.

У выпадку з Польшчай беларускі бок дзейнічаў паводле стратэгіі «дээскалацыя праз дээскалацыю», колькасць мігрантаў на мяжы зменшылася. Калі мяжу адкрыюць — гледзячы па ўсім, беларускія ўлады вызваляць як мінімум манаха Гжэгажа Гавела, а не выключана, што і Анджэя Пачобута.

А з Літвой, мяркую, абралі іншую схему. Зладзілі правакацыю, па выніку ўцягнулі літоўцаў у перамоўны працэс.

Зрэшты, і Вільня выкарыстала нейкія свае рэсурсы ці палітычную вагу, і не тое што дэзавуявала заявы Туска пра адкрыццё новых пунктаў пропуску, але прынамсі скарэктавала іх. Інакш выглядала не вельмі кансістэнтна: дзве краіны, саюзнікі па НАТА, адна закрывае мяжу, а другая адкрывае шырэй.

На думку Юрыя Дракахруста, ужо ў найбліжэйшы час Мінск можа зрабіць крокі ў адказ. Па-першае, «шарыкі» пэўны час не паляцяць. Па-другое, магчымы дыпламатычны дыялог не толькі і не столькі паміж Мінскам і Вільняй, колькі ў трохкутніку Мінск—Вашынгтон—Вільня.

— Паглядзім, ці будзе 1 снежня літоўска-беларуская мяжа закрытая. Я думаю, што не. Магчыма, пытанне вырашыцца нават цягам двух тыдняў, пра якія казалі палякі. І я нават не выключаў бы, што ад Беларусі прагучыць нейкае выбачэнне: «Мы шкадуем, што так адбылося».