Политика

Эўразьвяз падрыхтаваў новы пакет санкцыяў супраць Беларусі. Што ў ім?

Па пунктах.

Эўрапейскі зьвяз падрыхтаваў шэраг новых санкцыяў супраць Беларусі, каб закрыць шчыліны, празь якія Менск дапамагае Расеі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта Радыё Свабода даведалася ад інфармаваных крыніц у Брусэлі.

Чакаецца, што адпаведныя ўстановы Эўразьвязу разгледзяць новыя санкцыі цягам некалькіх наступных тыдняў.

Сярод абмежаваньняў, якія ёсьць у новым пакеце санкцыяў ЭЗ, наступныя:

  • Уводзіцца забарона на дадатковы сьпіс тэхналёгіяў і тавараў падвойнага прызначэньня, а таксама тэхналёгіяў і тавараў, якія могуць узмацніць вайсковую прамысловасьць і сфэру бясьпекі. Адзначаецца, што некаторыя з гэтых тавараў Расея выкарыстоўвала ў вайне супраць Украіны — у прыватнасьці, кампанэнты для бесьпілётнікаў;
  • Датычна шэрагу тавараў, якія могуць узмацніць вайсковую прамысловасьць і сфэру бясьпекі, таксама ўводзіцца забарона на транзыт празь Беларусь;
  • Уводзіцца забарона на пастаўкі ў Беларусь некаторых тыпаў праграмнага забесьпячэньня;
  • Абмяжоўваецца імпарт алюмінію зь Беларусі;
  • Пашыраецца забарона для эўрапейскіх кампаній на аказаньне будаўнічых паслуг у Беларусі;
  • Забараняюцца дарожныя грузаперавозкі праз тэрыторыю ЭЗ кампаніям, якімі на 25% ці больш валодаюць беларускія фізычныя ці юрыдычныя асобы;
  • Пашыраецца сьпіс асобаў, якія трапляюць пад санкцыі — сярод іх маюць быць усе, хто атрымлівае выгаду ад беларускага вайскова-прамысловага комплексу;
  • Уводзяцца дадатковыя меры кантролю за фінансавымі апэрацыямі беларускіх кампаніяў у ЭЗ.

Адзначаецца, што мэта новага пакету санкцыяў — максымальна абмежаваць удзел Беларусі ў расейскай ваеннай машыне і перакрыць усе магчымыя шляхі абыходу эўрапейскіх абмежаваньняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)