Скандалы

Гісторыя з агрэсіўным пасажырам, які ў швейцарскім цягніку накінуўся на сям’ю ўкраінкі і беларуса, атрымала працяг

Развіццё падзей многіх непрыемна здзівіць.

У кастрычніку агрэсіўны расейскамоўны мужчына напаў на сямейную пару беларуса і ўкраінкі ў цягніку ў Швейцарыі з-за пачутай украінскай мовы.

Алена Дуднік і Габрыель Шароў з малым дзіцём ехалі побач з грамадзянінам Латвіі Аляксандрам Вабіксам, якога і раззлавала ўкраінская мова.

Ён лаяўся матам, не саромеўся ў выразах. Казаў: «Я рускі чалавек, мы вас усіх забіваць будзем, і цябе. І цябе, і цябе», паказваючы пальцам на сям’ю.

Апублікаванае Аленай у сацсетках відэа выклікала рэзананс. У каментарах з’явіліся сведчанні, што Вабікс падобным чынам атакаваў іншых украінцаў. Афійцыйны Кіеў звярнуўся да швейцарскіх праваахоўных органаў з просьбай расследаваць інцыдэнт і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Неўзабаве з’явілася паведамленне, што дэбашыра затрымалі ў Швейцарыі, а Латвія завяла на яго крымінальную справу.

Праз тры месяцы пасля інцыдэнта Радыё Свабода даведалася пра развіццё падзей. Алена Дуднік зняпраўдзіла інфармацыю пра затрыманне Вабікса. Па яе словах, толькі нядаўна паліцыя запрасіла яе з мужам на допыт па гэтай справе:

— Гэта быў допыт у паліцыі для азнаямлення пракуратуры з нашымі паказаннямі і матэрыяламі справы. Наколькі я ведаю, неўзабаве павінны дапытаць і самога Вабікса, а таксама жанчыну, якая была разам з ім. На дадзены момант гэта ўсё.

На ўдакладняючае пытанне РС, ці Вабікс увесь гэты час знаходзіцца на свабодзе, Алена Дуднік дадала:

— Так! І ніхто яго не збіраецца затрымліваць, паліцыя пакуль адказала нам, што ня бачыць прычыны, па якой яго трэба арыштоўваць.