Чаму? Дык кіраўніцтва федэрацый з большага складаюць людзі у пагонах. Як і спартоўцы, большасць афіцыйна працаўладкавана ў сістэме МУС, амап і інш. І, можа быць у залі ён чэмпіён свету, а на вуліцы ці ў нейкіх спрэчках з кіраўніцтвам — папросту сцыкло.
«Калі думаў вярнуцца, зразумеў, што не змагу моўчкі глядзець на тое, што робіцца. І ніякія грошы гэта не перакрыюць»
Пра мэрсэдэсы і неўроз, паціснутую руку Лукашэнкі і Беларусь будучыні, «Салідарнасці» распавёў чэмпіён Еўропы і свету па самба Сцяпан Папоў.

— Сцяпан, вядомы спартовец Артур Удрыс злавіў крызіс сярэдняга ўзросту, заахвоціўся псіхалогіяй, атрымаўшы па ёй адукацыю, і распавёў нам, як стаў псіхолагам.
Па вашых допісах у сацсетках выглядае, што вы таксама ідзяце гэтым шляхам. Ці былі ў вас пытанні, якім спрыяе і ўзрост (у пачатку лета Папову споўніўся 41 год – С.): хто я, дзе я і куды далей?
— Да псіхолага з сваімі праблемамі я не хадзіў ніколі. Але нешта падобнае, што было з Удрысам, здарылася і ў мяне, у 35, яшчэ ў Беларусі. Цягнулася гэта гады два.
Тады я выпадкова трапіў да святара, які парэкамендаваў слухаць псіхолагаў. І мяне зацягнула, пачаў слухаць Лабкоўскага, чытаць Юнга, Фрэйда перачытваў. І свае праблемы здолеў вырашыць самастойна.
Не толькі авалодаў нейкімі навыкамі, а да многіх рэчаў змяніў падыход і стаўленне – стаў эмацыйна нейтральны. Гэта на мой погляд і ёсць галоўнае ў псіхалогіі.
— Што было самае цяжкае ў тым перыядзе?
— Памятаю, як святар абазваў мяне неўротыкам (усміхаецца). Я спачатку пакрыўдзіўся, падумаў: «Чаго абражаеш?»
А потым, калі паглыбляўся ў псіхалогію, зразумеў што, мо, ён і меў рацыю, бо шмат якія рэчы насамрэч цягнуцца з дзяцінства.
Самым цяжкім было тое, што я сам сабе ствараў складанасці — у галаве, у пачуццях. І толькі з часам прыйшло разуменне, што ўсё ж было добра, нават выдатна. Я проста не ўмеў гэта бачыць і цаніць.
«Гэта робіць з людзей ручных малпачак»
— З дзяцінства нам казалі, што мужчыны моцныя, а калі памножыць моц на вашу спартовую прафесію —дык увогуле стрыжань. Ці могуць такія мужчыны занадта рэфлексаваць ці плакаць?
— Мне здаецца, усё наадварот. Калі чалавек моцны, лічыць, што крэмень, за ўсю сям’ю адказны, а потым бац —крызіс, адно-другое не атрымалася — гэта адказнасць можа яшчэ больш ціснуць. На мой погляд, няма розніцы, мужчына гэта ці жанчына.
Калі разбіраць сілавыя віды спорта, адзінаборствы, то ў 2020-м баязліўцаў сярод чэмпіёнаў аказалася больш, чым сярод простых дзяўчат ці худых айцішнікаў.
Я шмат такога назіраў, бачыў, як самадураў сярод трэнероў і кіраўніцтва, так і гэты ўзгадаваны інфантылізм. Калі начальнік лічыць так — усе павінны падпарадкоўвацца. Ён скажа, што ты баран, бо і яму калісьці так казалі. А ты павінен праглынуць моўчкі.
Такая сістэма ў Беларусі не дае развіцца персанальным асаблівасцям спартоўца і не выхоўвае ў ім лідарскія якасці. І гэта шмат у якіх відах спорта. Аднаму гэта зойдзе, а чатырох зламае.
У Еўропе іншы падыход да падрыхтоўкі і адносін да спартоўца з самага дзяцінства. Таму там ня толькі добрыя вынікі, але і няма «культа» спорту, дзе табе кажуць, што толькі ў ім ўсё твае жыцце. Тут падыход на індывідуальнасць, а не на «інкубатар».
Мае персанальныя трэніроўкі тут каштуюць ад 25 да 40 еўра за гадзіну працы. І людзі гатовыя плаціць прафесіяналу самі ці за сваё дзіця. Бо так мы працуем удвох, рыхтуемся і тэхнічна, і маральна. Бацькі гатовы ўкладаць у сваё дзіця нават на гэтых кроках.
У нас я не памятаю, ці практыкуюцца ўвогуле персанальныя трэнінгі ў дзюдо (у самба дакладна ніколі не было). Калі ў дзяцінстве ты і трапіў на добрага трэнера, які даў табе дарогу ў спартовае жыцце, то пастаўлены на пасаду галоўнага трэнера самадур можа зламаць не толькі твой падыход да справы, які табе пасаваў і даваў вынікі, але і зламаць маральна. Працу тых, першых трэнераў, хто быў да іх, ні яны, ні гэта сістэма не шануе.
Гэта робіць з людзей ручных малпачак.
Калі адзін з трэнераў на мяне падняў руку, я ў свае 22 яму ў твар адказаў жорстка і быў гатовы даць рэшты. Больш са мной такога рабіць ён ніколі сабе не дазваляў. А астатніх, нават старэйшых за мяне, хто не здолеў даць адпор, мог зневажаць. Зараз ужо яны сталі трэнерамі, і паводзяць сябе з вучнямі гэтак сама.
Сістэма наша хворая, і гэта ўплывае на спартоўцаў з пакалення ў пакаленне. За апошнія 5 гадоў спіраль маўклівасці ў беларускім спорце стала яшчэ больш заціснутай.
Яшчэ перад Еўрапейскімі гульнямі ў Мінску трэнер цалкам забараняў нам даваць інтэрв'ю. Казаў, гэта нібыта звязана з «велізарнай адказнасцю». Маўляў, калі мы раптам не пакажам выніку, інтэрв'ю могуць выклікаць незадаволенасць кіраўніцтва.
Уся гэтая ўстаноўка будавалася не на фактах, а на нейкім унутраным страху і здагадках. Я шмат размаўляў з ім пра гэта, таму што ў мяне заўсёды былі амбіцыйныя ідэі: як развіваць наш від спорту, як прыцягваць гледачоў, як расказваць пра самба.
А самба сапраўды памірала. Яно заставалася ў чыстым выглядзе толькі ў адной зале сталіцы, без рэкламы, без цікавасці публікі, цалкам залежнае ад дзяржаўных грошай.
І менавіта тады, калі больш за ўсё трэба было пра яго гаварыць, расказваць гісторыі, натхняць, нам проста забаранілі гэта рабіць. Зараз там увогуле забарона на лайкі і ўласныя меркаванні.
Такія вось трэнеры робяць для кіраўніцтва малюнак ідэальнага для сістэмы спартоўца. Гэта быць паслухмяным, паказваць добры вынік, шанаваць Лукашэнку за заробак, чапляць сцяг на кожнае фота, быць гатовым да любых праўладных флэшмобаў і быць усім задаволеным.
А наконт плакаць-не плакаць, гэта інстынктыўная рэакцыя чалавека: што псіхалагічная, што фізічная.
Аднойчы на спаборніцтвах я зламаў руку, яна выгнулася ў іншы бок. Ніколі не адчуваў такі жудасны боль. Я папросту араў на ўсю моц.
Кожны арганізм рэагуе па-свойму. Калі мяне ў маладосці паласнулі нажом, парэз быў такі глыбокі, што біцэпс вываліўся вонкі, а я ўвогуле не крычаў, нават болю не адчуваў. Бо ў бойцы быў на адрэналіне. Потым толькі ў шпіталі ад моцных курчаў мяне калаціла хвілін 20.
«Калі мы спрашчаем праблему да лозунга «зруйнуем рэжым — і ўсё само вырашыцца», — гэта небяспечная ілюзія»
— Разумею, якім я быў да 2020-га, як і разумею прагрэс, апгрэйд, які зрабіў з таго часу. Зусім інакш гляджу на розныя рэчы.
Вось я з вамі зараз размаўляю на мове, але ў жыцці часцей карыстаюся расейскай. Я упэўнены, што зараз беларускамоўныя, якія хочуць вярнуць на Радзіму наш сцяг і мову, у меншасці. Але я веру, што Расію знішчаць, і тады адразу будзе ўсплеск добрага нацыяналізму і ў Беларусі.
Пакуль жа мы жывем у эміграцыі сваёй невялічкай беларускай сям’ёй. Збіраемся, размаўляем на роднай мове, робім імпрэзы і фестывалі, падтрымліваем сваю культуры і традыцыі. Гэта вельмі прыемна і патрэбна каб адчуваць сябе сапраўдным беларусам.
Але, каб потым пабудаваць сваю Беларусь будучыні, трэба ўжо зараз збіраць разумных людзей разам, прафесіяналаў у розных галінах. Рабіць нават невялічкія крокі.
Калі мы занадта хутка спрашчаем праблему да лозунга «зруйнуем рэжым — і ўсё само вырашыцца», — гэта небяспечная ілюзія.
Насамрэч, змены патрабуюць мыслення, адказнасці і працы — як унутры краіны, так і за яе межамі. Каб нешта сапраўды пабудаваць, трэба думаць не толькі пра сябе, але і пра структуру, пра будучыню, пра каштоўнасці.
Бо нават калі ён сыйдзе, на яго месца прыйдзе новая банда са сваімі ўласнымі інтарэсамі.
«Нешта набыў, прадаў, зарабіў тысячу даляраў, ідзеш у бар — і ты кароль свету»
— Пакуль што ў Беларусі шмат каго задавальняе пабудаваная карупцыя, якая дазваляе весці сыты лад жыцця. Таму можна сказаць, што Лукашэнку такія людзі падтрымліваюць менавіта за гэта. Злавіў хвалю, набыў крутую тачку, і ты ўжо над усімі нібыта ўзвышаешся.
У Польшчы я не бачыў столькі крутых аўто, як у Беларусі. І не таму, што тут менш грошай, а таму, што ў нас гэта ўсё больш паказуха, а тут практычнасць. Есці ролтан, але ж у руках айфон.
Нешта набыў, прадаў, зарабіў тысячу даляраў, ідзеш у бар, там дзяўчыны ў шыкоўных спадніцах, і мяркуеш, што ты кароль жыцця. У гаманцы грошы — навошта табе тая дэмакратыя і лібералізм?
Калі маеш сувязі, як «падыйсці» да чыноўнікаў, дзе што накрасці, і што з чым звязаць.
Я таксама ў Беларусі адначасова з прафесійным спортам спрабаваў зарабляць грошы. Разумеў правілы гульні, часам меў добрыя заробкі і таксама набыў крутыя машыны з аднолькавымі знакавымі для мяне лічбамі на нумарах. У мяне было два белых мэрсэдэса, але ў 2020-м я выказаўся. Не пабаяўся.
І калі я з’ехаў, мяркую, што многім з маіх калег, хто застаўся, стала нават лепей. Бо я быў для іх як бяльмо. Чэмпіён, спартовец, медыйны, яшчэ і з грашыма. На мяне ж тады мой трэнер і некатарыя чыноўнікі ўсё і спісалі. Што як быццам я ўсіх падняў, што мне хтосьці грошай даў, і я ўсіх замуціў.
Таму для астатніх гэта зручная пазіцыя — маўчаць і пераконваць сябе, што, маўляў, усе вакол цяпер такія ж, як і ты.
— А ці прапаноўвалі вам вярнуцца? Бо Дзяніс Дудзінскі казаў, што яму пісалі з такой прапановай кадэбэшнікі.
— Зараз працуе такая рассылка, і шмат хто яе атрымлівае. Усё па прымітыўнай сістэме раскідоса паведамленняў. Каб адпрацаваць загад Лукашэнкі, які сказаў «ствараем камісію па вяртанні».
І мне дасылалі, але я не звяртаў на яе ўвагу, бо не змяню свайго меркавання. Я супраць вайны, супраць гвалта, супраць рэпрэсій і супраць замоўчваць усё гэта.
Калі нехта і будзе па сапраўднаму нешта такое прапаноўваць, то гэта можа быць твой паплечнік. Памятаю было так, што, калі я толькі з’ехаў з краіны ў 2021-м, пісала мне і Надзя Астапчук, яшчэ задоўга да яе «знакамітага» інтэрв'ю. Маўляў, што вы там з’ехалі, трэба вяртацца, выказвацца тут. Выказвала (і не толькі мне) кшталту: што вы — не мужыкі? Бо сапраўдныя мужыкі б вілы бралі, а тут толькі бабы адны змагаюцца па-сапраўднаму.
Таму, што тычыцца кадэбэшнікаў, разумею, што іх сярод нас і ў эміграцыі хапае. Кожная суполка для іх «кармавая» база. Бо рэсурсаў у іх шмат, і яны іх адпрацоўваюць. Таму стварэнне нечага моцна палітычнага і адкрытага зараз амаль немагчыма.
«Больш за ўсё хачу разабрацца: як змяніць абставіны так, каб мы маглі вярнуцца ў Беларусь?»
— Вы казалі, што ў эміграцыі некаторыя займаюцца сваімі справамі. Але беларусы папросту спрабуюць выжыць. Таму і таксуюць, і на будоўлях працуюць ці грузчыкамі.
— І я зараз раблю тут тое, што магу. Для сваёй сям’і і будучыні Беларусі. Розныя мерапрыемствы не за грошы, а таму, што яны патрэбны беларусам і тут.
Зараз у Сопаце робім валейбол і яшчэ нешта цікавае і новае. Мо, зробім і ва Ўроцлаве зноў нешта кшталту фестываля.
Але ж зарабляю я персанальнымі трэніроўкамі: ММА, дзюдо, FCFS. Бывае і па 8 трэнінгаў на дзень магу рабіць, ў месяц каля 100-120. Рэкламу амаль не даю, усё сарафаннае радыё і пакуль больш, напэўна, ужо фізічна будзе пацягнуць складана.
Таксама здаю свае машыны ў арэнду ці таксую калі-нікалі, каб змяніць сферу дзейнасці.
А больш за ўсё хачу разабрацца: як сам магу паўплываць і змяніць абставіны, каб такія як я маглі вярнуцца ў Беларусь? Адказу пакуль няма. Але, калі не шукаць, яго і не будзе. Таму размаўляю з разумнымі беларусамі пра тое, што для іх Беларусь, і якой яны бачаць яе будучыню.
— Не шкадавалі недзе ўнутры па сытым мінулым жыцці і мэрсэдэсам?
— Ніколі не шкадаваў. Грошы былі, так, але асяроддзе было часам недастаткова адукаванае і цікавае. І вельмі задаволены зараз, што адтуль вырваўся і маю побач людзей, з якімі ёсць пра што думаць і гаварыць.
У 2019-м быў у Лябяжым на прыёме, глядзеў на асяроддзе дыктатара і разумеў, што гэта дакладна не маё. Разумеў, што спартовая кар’ера скончваецца і хацеў паўплываць на развіццё краіны. Але ж з тымі людзьмі гэта немагчыма. Падхалімаж, усе вакол яго круцяцца. Усё так ненатуральна.
А я шчыры чалавек, і ніколі ў жыцці дзеля сваёй кар’еры ці грошай не дуў у дупу. У мяне такі характар. Таму ў 2020-м і не змог маўчаць.
Аднойчы, праз некалькі месяцаў як з'ехаў, быў такі пікавы момант, калі думаў: мо харош, мо вярнуцца? Ну будзе са мной відэаролік…
А потым зразумеў: дык а што харош? Я прыеду ў тую, сённяшнюю, Беларусь і — што? Зразумеў, што не змагу там жыць і моўчкі глядзець на тое, што там зараз робіцца. І ніякія грошы гэта не перакроюць.
Я ж ведаю ўсіх гэтых спартоўцаў і атачэнне. Сам быў у тым праўладным пуле — і на банкеце ў Лукашэнкі. Але там няма ні развіцця, ні крэатыву, ні жадання штосьці мяняць. Усё трымаецца на страху, падпарадкаванні і асабістых выгодах. Для мяне гэта і ёсць дэградацыя.
Я хачу зменаў — сапраўдных, глыбокіх, каштоўнасных. І кожны дзень раблю сваю справу дзеля будучыні Беларусі. Бо калі прыйдзе момант — трэба быць гатовым.
У 2020-м мы не былі гатовымі да вакна магчымасцяў, ці гэта было не яно. Але лічу, што мы зрабілі добры крок для нашай будучыні, і галоўнае не спыняцца.
Мне і Някляеў казаў, калі віншаваў яго зараз з днём народзінаў: «Спадзяюся, што і я дачакаюся перамен — бо пачаліся глабальныя зрухі, а ты павінен абавязкова». Пасядзелі, добра паразмаўлялі, хоць мы і беларусы зусім з розных пакаленняў.
А што тычыцца шкадаванняў па сытым мінулым жыцці, то ў Польшчы мне, як і многім, па барабану, на якой машыне ты ездзіш, і ў што апрануты. Для машыны тут галоўнае каб не ламалася і лепш эканамічная на газу, а не мэрсэдэс на 20 літраў.
— А якая ў вас зараз машына?
— У мяне іх чатыры, дзве тайоты і мэрсэдэсік. Набыў, каб здаваць у рэнту, даю магчымасць людзям працаваць у таксі і сам падпрацоўваў.
Яшчэ ёсць стары фордзік. Час прадаваць, хоць ён і гістарычны для мяне. Бо набыў яго, калі з’ехаў з Беларусі і тром спартоўцам ён дазволіў зарабляць на жыццё.
«Трэба матывавацца, зарадзіцца на паедынак. Бо калі паслабішся — можаш прайграць любому»
— Вы распавялі, што ніколі не дулі ў дупу, таму і выказаліся ў 2020-м. Але ж рэпрэсіі былі і нашмат раней. Уладзімір Някляеў, якога вы віншавалі з днём народзінаў, у 2010-м з сур’ёзнай траўмай апынуўся ў лякарні. А нехта ўзгадае, што вы і Лукашэнку руку ціснулі.
— Пракляцце памяці — вельмі добрая фраза. Таму разумею, што зараз у галовах праўладных спартоўцаў, і шмат у каго з беларусаў.
Да 2020-га я не ведаў што такое Курапаты, увогуле не разумеў, што гэта. Не ведаў, калі пачалася Вялікая Айчынная, а калі — Сусветная вайна. Не ведаў, што Крым — украінскі. Не ведаў ні пра Ганчара, ні пра Завадскага. Ні пра рэпрэсіі. Жыў інэртным жыццём, быў матываваны ў спорт, у заробак і сям’ю. Жыў з заплюшчаныма вачыма.
Цяпер тых спартоўцаў, што засталіся там, яшчэ глыбей уцягваюць у сістэму. Ім зноў малююць новых ворагаў, падмяняюць сэнсы, як заўсёды гэта робіць прапаганда.
Расчараванне ад таго, што ў 2020 годзе не адбылося перамен, да гэтага часу не адпускае. А адсутнасць выразнай і надзейнай альтэрнатывы рэжыму толькі ўзмацняе пачуццё безвыходнасці.
Я жыў у гэтай сістэме, а ў 2020-м пабачыў гэты жах, пачаў чытаць навіны. І стаў зараз іншым чалавекам.
— А якія адчуванні былі, калі ціснулі руку Лукашэнку?
— Насамрэч гэты было аднойчы, калі атрымліваў заслужанага майстра спорта. Ён такі з харызмай, казаў, што вельмі прыемна ўзнагароджваць калегу. Нібыта ён і самба займаўся. Ён жа ўсім займаецца.
Было прыемна ў моманце, бо ў яго моцная харызма. Але ў якую гульню ён згуляе з гэтай харызмай зараз і на чыю карысць?
Я не хвалю яго зараз, але гэта трэба мець на ўвазе. Ён шмат цярпеў і шмат зрабіў, каб захапіць уладу — і цяпер жыве паводле прынцыпаў Макіявелі, як тыповы дыктатар. Лічыць краіну сваёй уласнасцю — і гэтым апраўдвае ўсё, што робіць.
Але з ім немагчымыя ніякія правілы, ніякія дамоўленасці. Ён ніколі не дапусціць побач ніводнага лідэра — бо сам факт альтэрнатывы ўжо ўспрымае як пагрозу.
Калі браць палітычны накірунак, большасць хоча верыць у прыгожае, і ўсё просценька. Але дыктатура больш арганізавана, мэтанакіравана і рэсурсна, чым наша наіўная вера ў тое, што справядлівасць пераможа проста таму, што яна справядлівасць.
Паўтаруся, я не хвалю, але ніколі нельга недаацэньваць свайго суперніка. Я спартовец і ведаю гэта дакладна. Трэба рыхтавацца, матывавацца, зарадзіцца на паядынак. Бо калі паслабішся — можаш прайграць любому.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное