Карбалевіч: «Сітуацыя вайны стварае чорна-белую мадэль, калі краіны Захаду разглядаюць Беларусь з ваеннага гледзішча»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч разважае, дзе мусіць праходзіць мяжа еўрапейскай бяспекі і з якога боку новай жалезнай заслоны апынецца наша краіна.

Перасцярогі адносна магчымага нападу Расіі на адну з еўрапейскіх краін вымушаюць суседнія дзяржавы і на Беларусь глядзець з падазронасцю, бо новы напад РФ з беларускай тэрыторыі ўспрымаецца ў Еропе як цалкам магчымы.

— Сітуацыя вайны стварае чорна-белую мадэль, калі краіны Захаду разглядаюць Беларусь з ваеннага гледзішча, таму ўмацоўваецца мяжа, абмяжоўваецца магчымасць камунікацыі, бо беларусы ўсё больш атаясамляюцца з рэжымам Лукашэнкі, а Беларусь — з Расіяй, — зазначае палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч у эфіры Обычного утра.

Валер Карбалевіч

— На гэтым тле прымаюцца рашэнні, скажам так, для беларусаў не надта прыемныя — пра абцяжарванне легалізацыі, памежныя пераходы, візы, камунікацыю і гэтак далей. Праблемы ёсць, і пажадана іх неяк вырашаць. Але ж скрозь прызму вайны гэтае вырашэнне даволі цяжкае.

На сёння мы не бачым вялікай розніцы ў рыторыцы, у інфармацыйнай палітыцы афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі і Расіі. Лукашэнка ўвесь час размахвае «ядзернай дубінкай», пужае Захад, што вось-вось у канцы года ў Беларусі з’явіцца ракетны комплпекс «Арэшнік», плюс атакі з дапамогай мігрантаў на мяжы павялічыліся — усе гэтыя чыннікі працуюць на тое, што рэжым Лукашэнкі і рэжым Пуціна, па вялікім рахунку, атаясамліваюцца.

А ўсе нюансы, адценні нібыта знікаюць. І даказваць суседзям, што беларусы — гэта не расейцы, і што ёсць вялікая розніца ў грамадскіх настроях, дэмакратычным сілам становіцца ўсё цяжэй. Геапалітыка рыхтуе рэальную палітыку ў адносінах да суседзяў.

Разважаючы, ці ёсць у Беларусі шанец у такіх варунках апынуцца з еўрапейскага боку «жалезнай заслоны», Валер Карбалевіч зазначае: нават прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Мюнхенскай канферэнцыі падкрэсліў, што без вырашэння беларускага пытання немагчымы трывалы мір у Еўропе.

— Ён акурат заклікаў Захад дамагацца таго, каб мяжа еўрапейскай бяспекі праходзіла па ўсходняй мяжы Беларусі, а не заходняй. Так што пытанне пастаўленае, але адказу на яго пакуль няма, бо пакуль існуе рэжым Лукашэнкі, гэтая праблема не вырашыцца.

Цяпер апускаецца жалезная заслона, якая будзе аддзяляць Еўропу ад Расіі — і геапалітычная сітуацыя схіляецца да таго, што гэты новы Берлінскі мур будзе праходзіць усё ж па заходняй беларускай мяжы.

Тады Беларусь акажацца ў сферы ўплыву Расіі.

Нельга сказаць, што працэс ужо завершаны, ён адбываецца зараз.

Жалезную заслону будуюць з абодвух бакоў. Беларусь працягвае мілітарызацыю, праводзіць вайсковыя вучэнні (у верасні будуць сумесныя беларуска-расійскія вучэнні, якія моцна пужаюць суседзяў).

А з іншага боку, заходнія краіны таксама ўмацоўваюць памежныя збудаванні, будуюць сцяну, а з апошніх паведамленняў — прыходзяць да гаворкі аб супрацьпяхотных мінах на мяжы.

І я пакуль не бачу нейкіх чыннікаў, якія могуць гэтаму перашкодзіць — прынамсі пакуль у Беларусі захоўваецца існы палітычны рэжым. Такая на сёння рэальнасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(10)