Общество

Наталля Север

Ластоўскі: У Беларусі ідзе моцны ціск на стварэнне гістарычнай памяці, якая ў перспектыве спрыяла б зліццю «Вялікай» і «Белай Русі»

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі — пра знос помніка Касцюшку.

Аляксей Ластоўскі

Беларускі рэжым працягвае знішчаць памяць пра Тадэвуша Касцюшку. Напярэдадні стала вядома пра знос помніка Касцюшку ў Малых Сяхновічах, раней пад вёскай Касцюшкава ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці знікла шыльда на памятным камені Касцюшку.

— Яшчэ застаецца музей-сядзіба на Мерачоўшчыне і помнік Касцюшку там жа, узведзены на грошы грамады. То бок на дадзеным этапе нельга казаць, што знішчаюць усё пад нуль, — каментуе «Салідарнасці» знос помніка ля Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музею Аляксей Ластоўскі. — І гэта больш падобна на ініцыятыву раённых уладаў, якія, ведаю, і раней выступалі супраць стварэння музею Касцюшкі.

Таму, думаю, што рашэнне было прынята ўсё ж на раённым узроўні.  

— Ці могуць мясцовыя ўлады сёння быць настолькі самастойнымі ў прыняцці такіх рашэнняў?

— Безумоўна, мясцовыя ўлады могуць рабіць такія крокі, толькі калі ёсць нейкая відавочная кан'юнктура. Бо яны не пойдуць супраць духу часу.  

А зараз у Беларусі можна выразна назіраць два трэнды, якія вызначаюць гістарычную палітыку ўлады.

Першы тычыцца таго, каб зацерці ўсе сляды, якія паказвалі б разыходжанні з расійскай гісторыяй. Указвалі б на тое, што паміж намі былі канфлікты.

Тадэвуш Касцюшка ўсё ж такі кіраўнік антырасійскага паўстання. Зразумела, што гэта фігура ўжо не можа выклікаць такога захаплення, а хутчэй кваліфікуецца як падазроная, паколькі ўказвае на прынцыповыя разыходжанні паміж беларускай і расійскай гісторыямі.

Другі трэнд аб тым, што, па сутнасці, зараз у беларускай знешняй палітыцы вельмі характэрны націск на тое, што Польша — гэта спрадвечны вораг Беларусі.

У гэтым кантэксце кажуць і пра тое, што палякі імкнуліся паланізаваць, знішчаць, узгадваюць Бяроза-Картузскі канцлагер,  генацыд беларусаў падчас Другой сусветнай вайны, некаторыя інцыдэнты з Арміяй Краёвай.

Гэта ўсё кладзецца ў актуальны палітычны кантэкст, калі мы назіраем і канфрантацыю паміж палітычнымі ўладамі Беларусі і Польшы.

Пад гэту марку прасоўваецца і версія аб тым, што Касцюшка таксама быў паланізатарам, што гэта быў выключна чалавек, які імкнуўся аднавіць Рэч Паспалітую.

Сапраўды ў біяграфіі Касцюшкі ёсць некаторыя моманты, якія кажуць, што ён, канешне, быў прыхільнікам такой мадэлі нацыі па французскім узоры. Але на той момант, пасля рэвалюцыі ў Францыі, распаўсюджвалася гэта хваля рэвалюцыйных ідэй.

І ўсё ж мы памятаем, што так ці інакш Касцюшка паходзіў з беларускай шляхты. Яго прадзеды былі грэка-каталікамі, і бацькі падтрымлівалі грэка-каталіцкую царкву.

Таму, можа быць, мы павінны не рамантызаваць Касцюшку, а  разумець яго час, яго ідэі.

І, безумоўна, знішчэнне помнікаў ці прынамсі тое, што іх прыбіраюць, не з’яўляецца адэкватнай рэакцыяй і выключна абумоўлена палітычнай кан'юнктурай, спробай дагадзіць расійскім сябрам, у першую чаргу.

І гэта пытанне для нас саміх, для беларусаў — а што будзе далей, якой будзе беларуская нацыя, гістарычная памяць, нацыянальная самасвядомасць?

Так, зараз ідзе моцны ціск з боку Расіі на перафармаванне, на стварэнне гістарычнай памяці, якая была б максімальна прарасійскай і якая б у перспектыве спрыяла зліццю «Вялікай» і «Белай Русі».

Таму факт сумны, але помнік помнікам, аднак трэба змагацца за свядомасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)