Мілінкевіч: «Нам трэба не выбіраць Еўропу, нам трэба вяртацца на радзіму, а Еўропа і ёсць наша Радзіма»

Дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілінкевіч — пра адзіны шанец быць, існаваць Беларусі і народу.

— Нам усім трэба пазбаўляцца стэрэатыпаў, традыцыйнага мыслення. 80 гадоў пасля вайны мы жылі ў свеце, калі дэмакраты і лібералы перамагалі дыктатуры, і гэта быў такі жалезны трэнд, — нагадаў Аляксандр Мілінкевіч на канферэнцыі «Новая Беларусь». — Зараз дыктатуры на чале з Кітаем могуць перамагаць дэмакратыі, ёсць увогуле небяспечныя тэндэнцыі.

І мы ў гэтым глабальным свеце мусім знайсці сваё месца, сваю незалежнасць. Таму трэба вучыцца быць гнуткім.

Нечакана можа здарыцца так, што нам трэба будзе браць уладу ў Беларусі. І мы павінны быць падрыхтаваныя да гэтага моманту. Ён суперважны.

Бо Пуцін будзе змагацца за Беларусь не менш, чым за Украіну. Бо калі ў яго ў «рускім міры» не будзе Беларусі, гэта будзе азначаць канец «рускаму міру».

Мілінкевіч лічыць, што калі ў 2020 годзе ў беларусаў яшчэ быў геапалітычны выбар, то цяпер яго няма.

— Чым бліжэй мы да Расіі, тым бліжэй мы да таго, каб канчаткова стаць калоніяй Крамля, а з часам стаць і акраінай кітайскай імперыі.

Таму дарога да Еўропы — гэта адзіны шанец быць, існаваць Беларусі і народу.

Лічу, што нам многа трэба рабіць. Але мы мусім глядзець, як украінцы адстайваюць сваю самастойнасць. Украінцы абаранілі Кіеў не таму, што ў іх было многа ракет і зброі, а таму што ў іх быў украінскі дух.

Нам трэба ўмацоўваць самасвядомасць, веданне гісторыі, умацоўваць беларускі дух. І нам трэба не ісці ў Еўропу, не выбіраць Еўропу, нам трэба вяртацца на радзіму, а Еўропа і ёсць наша Радзіма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)