Женщины

«Настолькі мала вядомая, што інфармацыі пра яе — вобмаль»

Будзьма распавядае пра даследчыцу беларускай фауны Марыю Младзяноўскую-Дырдоўскую.

У гісторыі беларускай біялогіі ёсць унікальная спецыялістка, якая, на жаль, не вельмі вядомая. Марыя Младзяноўская-Дырдоўская адной з першых пачала даследаваць малюскаў. Яна хадзіла пешшу і ездзіла на конях па Гарадзеншчыне, вывучаючы жывёльны свет Беларусі.

Марыя знайшла і апісала 44 наземныя і 43 водныя віды малюскаў і паралельна зрабіла яшчэ некалькі адкрыццяў. Працавала з любоўю і самаадданасцю: у любое надвор’е да позняй восені, каб захаваць веды пра жывую прыроду для нашчадкаў.

На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ-ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфераў дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай «Будзьма» распавядае пра гэтых жанчын.

Марыя Младзяноўская-Дырдоўская. Крыніца: myheritage.com

Марыя Младзяноўская-Дырдоўская настолькі мала вядомая, што інфармацыі пра яе — вобмаль, таму распавядаем усё, што атрымалася назбіраць. Магчыма, хтосьці натхніцца даследаваць яе асобу — і тады мы будзем разам ведаць пра яе больш.

Вучоба ў трох гарадах

Спадарыня Марыя нарадзілася ў 1885 годзе ў Бабруйску. Бацькі аддалі дачку вучыцца ў Варшаўскі пансіён. Вядома, што ў сям’і шанавалася асвета, бо брат Марыі — Вацлаў — таксама адукоўваўся з дзяцінства і стаў палкоўнікам артылерыі, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Цяпер яго вельмі цэняць у Польшчы.

Пасля пансіёну Марыя cкончыла спачатку жаночую гімназію ў Вільні, а пасля — біялагічнае аддзяленне жаночых курсаў у Кіеве. Атрымліваецца, у ранняй маладосці яна паспела павучыцца ў трох гарадах — і гэта нават у тыя часы, калі адукацыя для жанчын усё яшчэ не працавала на ўсю моц. Атрымаўшы дыплом, яна і сама стала працаваць настаўніцай.

У 1920 годзе Марыя выйшла замуж. На жаль, яе асабістае жыццё было няшчаслівым: хутка пасля шлюбу муж загінуў у чыгуначнай катастрофе.

Пачатак навуковай працы

Праз год пасля смерці мужа спадарыня Марыя працягнула вучыцца — ужо ў Познаньскім універсітэце. Гэты горад стаў з тым месцам, дзе жанчына развівала сваю кар’еру. Яна вывучала заалогію, а пасля — працавала на розных пасадах. Спачатку — простай лабаранткай, пасля — асістэнткай і нават — старэйшай асістэнткай пры кафедры гісталогіі. Гэта раздзел медыцыны, які вывучае будову тканак чалавека.

Ужо праз шэсць гадоў пасля прыезду Марыя ўваходзіла ў склад фізіяграфічнай камісіі Польскай акадэміі навук (фізіяграфія — гэта навука, што вывучае зямную паверхню, яе клімат, раслінаў і жывёл).

Дакладна невядома, што ўваходзіла ў яе абавязкі, але калі паразважаць над гэтым пытаннем, то ў складзе камісіі яна магла дзяліцца сваімі даследаваннямі, рупіцца пра адукацыю іншых ці аналізаваць навуковыя працы іншых вучоных.

Малюскі на Гарадзеншчыне

Ёй было, якім досведам дзяліцца! Больш за ўсё Марыю цікавіла фауна — навука, што вывучае жывёльны свет. У 1930 годзе яна апублікавала сваю важную працу па мала даследаванай у той час сферы — малаказаалогіі. Гэта яшчэ больш вузкая частка заалогіі, што вывучае малюскаў.

Больш за тое — яна даследавала іх на Віленшчыне, бо шмат часу праводзіла ў мястэчку Нястанішкі, што цяпер месціцца ў Гродзенскай вобласці Беларусі. Па выніках гэтай працы яна і апублікавала працу, якая называлася «Матэрыялы па малаказаалагічнай фаўне Віленшчыны».

Вокладка працы Марыі. Крыніца: rcin.org.pl

Тады гэтая сфера была мала вядомая, таму фактычна яна была адной з першых даследчыц малюскаў на нашых тэрыторыях. Гэта стала магчымым, бо з 1923 года яна праводзла летнія вакацыі на Гарадзеншчыне — дакладна невядома, з якіх мэтаў. Магчыма, прыязджала ў госці да кагосьці са сваякоў. Праз гэта яна мела магчымасць збіраць малюскаў і смаўжоў у бліжэйшых мясцінах ад мястэчка.

Гэтымі тэрыторыямі сталі ручай пад назвай Крынічны, а таксама сад у саміх Нястанішках, вільготны лес на ўсход ад вёскі Паляны, пастарынскі лес і дабраўлянскі парк, Вішнеўскае і Свірскае азёры, рэкі Вілія, Ашмянка, Страча і іх берагі.

Уявіце, наколькі жывапіснай была яе праца. Мяккімі летнімі ранкамі яна выходзіла з дому, узяўшы падсілкавацца некалькі бутэрбродаў і гарбатку, і абыходзіла мясцоваць, шукаючы розныя віды малюскаў.

У выніку яна знайшла 44 наземныя і 43 водныя віды малюскаў! Свае вынікі яна публікавала ў даследчых працах, якія потым абмярковалі ў навуковых колах.

Яна распавядала: «З-за шырокасці мясцовасці звесткі не могуць быць вычарпальнымі, але тым не менш, могуць даць пэўную карціну асаблівасцяў, якія характэрныя для малаказаалагічнай фаўны гэтай часткі нашай краіны».

Польскія даследаванні

Апроч Віленшчыны, жанчына вывучала і малюскаў у Познаньскім рэгіёне і нават была сяброўкай Познаньскай супольнасці аматараў навукі. Праз пяць гадоў пасля сваіх даследаванняў на Гарадзеншчыне яна напісала працу пра гэта. Усе матэрыялы дасяжныя ў інтэрнэце. Яны апублікаваныя на польскай мове і, на жаль, не перакладзеныя на беларускую.

Гэтыя праца не была лёгкай. Марыя распавядала: «Каб ахапіць такую шырокую тэму, мне прыйшлося на працягу трох гадоў у розныя поры года, наколькі дазвалялі час і сродкі, здзяйсняць інтэнсіўныя паездкі да позняй восені, калі снег пакрываў зямлю».

Фрагмент мапы Нястанішкаў у адной з прац Марыі. Крыніца: rcin.org.pl

Але жанчына даследавала не толькі малюскаў. Падчас іх вывучэння даследчыца рабіла і іншыя вынаходніцтвы. Напрыклад — пра птушак! Яна зразумела, дзе ў нашых мясцінах гняздуецца вельмі рэдкая белая курапатка. Звычайна яна жыве ў паўночных прыпалярных лясах.

Каб атрымаць звесткі пра гэта, Марыя гутарыла з гаспадаром маёнтка ў мясцовасці Выгалененты, дасведчанага паляўнічага Гедыміна Невяровіча. Ён перадаў вучонай адзін экзэмпляр гэтай птушкі, які потым трапіў у музей Інстытута заалогіі Познаньскага ўніверсітэта.

Ладзячы заалагічныя даследаванні, яна выпадкова спрычынілася і да расслінных: знайшла два багатыя месцазнаходжанні пасляледніковага рэлікту флоры — нізкай бярозы.

А што кажуць эксперты?

«Адно з іх знаходзілася на вільготным лузе пад назвай «Дзікае балота», у некалькіх кіламетрах на захад ад возера Свір, паміж вёскамі Пазборцы і Хацілкі. Другі арэал гэтай каштоўнай расліны знаходзіўся на поўдзень ад Вішнеўскага возера, у кірунку на балота Бонда. Як у адным, так і другім выпадку, вучоная падымала пытанне аб экалогіі і захаванні першароднасці гэтых мясцін».

На жаль, Марыя Младзяноўская-Дырдоўская раптоўна памерла праз сардэчны прыступ у Нястанішках у 1931 годзе, калі ёй было ўсяго 46 гадоў. Пасмяротна яе ўзнагародзілі залатым медалём Познаньскага ўніверсітэту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)