Пры папярэдніх прэзыдэнтах, пры Абаме і Байдэне стратэгічную лінію ЗША ў міжнароднай палітыцы вызначалі нікчэмнасьці, цяпер іх месца занялі карыкатурныя пэрсанажы.
Навумчык: «Уражаньне, што Трамп хоча ўключыць Вашынгтон у «вось зла» — Пхеньян — Пэкін — Тэгеран — Масква — «и примкнувший к ним» Менск»
Публіцыст падводзіць вынікі 100 дзён прэзідэнцтва Трампа і высновы, якія павінны зрабіць з гэтага беларусы.
— Я даволі шмат выказваўся апошнім часам пра палітыку новай амэрыканскай адміністрацыі, зраблю падсумаваньне першых 100 дзён прэзыдэнцтва Трампа, — піша Сяргей Навумчык. — Адзінае станоўчае, што можна было б адзначыць у дзеяньнях Трампа – гэта барацьба з нелегальнай іміграцыяй.

Аднак яна спалучаецца з практыкай, адмоўныя вынікі якой могуць мець разбуральны эфэкт для сыстэмы, на якой стагодзьдзямі (не дзесяцігодзьдзямі – стагодзьдзямі!) будавалася Амэрыка як прававая і дэмакратычная дзяржава.
Я маю на ўвазе ігнараваньне структурамі выканаўчай улады рашэньняў заканадаўчай і судовай уладаў. Гэта тое, што патэнцыйна можа выклікаць хаос і штурхнуць Амэрыку ў стан вострага грамадзкага супрацьстаяньня аж да грамадзянскай вайны. Залішне канстатаваць, што гэта ня тое што ня «зробіць Амэрыку ізноў вялікай», а аслабіць яе на доўгія часы.
Што ж да міжнароднага статусу ЗША, дык ён – у выніку крайне некампэтэнтных дзеяньняў Трампа і ягонай каманды прафанаў у дыпляматыі і міжнароднай палітыкі – ужо зьнішчаны, калі мець на ўвазе статус Амэрыкі як лідэра свабоднага сьвету.
За 100 дзён Трамп зруйнаваў тое, што напрацоўвалася 80 гадоў – давер да Амэрыкі. Вярнуць гэты давер пасьля Трампа будзе вельмі няпроста, спатрэбяцца гады і гады.
Слова Амэрыкі цяпер нічога ня вартае. Амэрыканскія прэзыдэнты і раней парушалі абавязальніцтвы (варта прыгадаць падпісаны ў выніку выкручваньня рук Кіеву дыпляматычнымі шантажыстамі Клінтана «Будапэшцкі мэмарандум», які быў цалкам у інтарэсах Крамля, і невыкананьне яго Абамам пасьля анэксіі Расеяй Крыму).
Але падобнае хаця б тлумачылі юрыдычнай казуістыкай і не ўзводзілася ў ранг нармальнасьці – цяпер усё робіцца адкрыта і цынічна.
Дзеяньні трампаўскай адміністрацыі па разбурэньні сусьветнага парадку ўражваюць.
Вашынгтон упершыню ясна даў зразумець, што можа «умыць рукі» у выпадку агрэсіі супраць краінаў НАТА (уласна, само існаваньне НАТА пастаўлена пад сумнеў).
Прэзыдэнт ЗША ўпершыню на памяці цяпер жывучых пакаленьняў выказаў тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў дачыненьні іншых краінаў. Такога не дазвалялі сябе ні Хрушчоў, ні Брэжнеў падчас уводу войскаў у 1956-м у Будапэшт, у 1968 у Прагу і ў 1979-м у Афганістан.
Нагадаю, што сумнавядомая «дактрына Брэжнева» грунтавалася на праве СССР супрацьстаяць спробам зьмены сацыялістычнага ладу ў падкантрольных яму краінах, а не ў захопе гэтых краінаў ці іх частак.
Нарэшце, ЗША ўпершыню ў сваёй гісторыі прагаласавалі ў ААН (прычым двойчы!) разам з краінамі-ізгоямі.
Складаецца ўражаньне, што Трамп хоча ўключыць Вашынгтон у «вось зла» – Пхеньян – Пэкін -Тэгеран – Масква – «и примкнувший к ним» Менск.
У гэтым шэрагу – ліквідацыя праграмаў падтрымкі грамадзянскай супольнасьці тых краінаў сьвету, дзе ўсталяваныя аўтарытарныя рэжымы, спроба ліквідацыі (насупраць Кангрэсу ЗША) радыё «Свабода» і «Голас Амэрыкі» (гэтаму апладзіруюць са сваіх магілаў пад крамлёўскай сьцяной тав. Суслаў і тав. Андропаў – іх мэта пачынае зьдзяйсьняцца).
І, нарэшце, Украіна. Слова, якое можа ўмясьціць у сабе стаўленьне трампаўскай адміністрацыі да народа, што вядзе гераічнае і ахвярнае змаганьне з агрэсарам – цынізм.
Трамп вывеў Пуціна з пазыцыі міжнароднага ізгоя і вярнуў Крэмль у арбіту міжнароднай палітыкі, чым, безумоўна, істотна ўзмацніў імпэрскую кэгэбісцкую Расею.
А ўсё, што ўзмацняе імпэрскую Расею – аслабляе беларускую Незалежнасьць і павялічвае пагрозу для існаваньня Беларусі як сувэрэннай краіны.
Мы да гэтага часу ня чулі ад Трампа ніводнага слова ў падтрымку беларускіх палітвязтьняў, сярод якіх і Алесь Бяляцкі – ляўрэат прэміі, пра якую марыць гаспадар Белага дому.
Часам чую: «Пачкай, у яго ёсьць плян!». Ня ведаю, зь якіх крыніцаў бяруць ілюзорны аптымізм прыхільнікі Трампа. Няма ў яго ніякага «плану». Няма ў яго нічога, акрамя неўтаймаванага жаданьня задаволіць свае асабістыя гіганцкія (а насамрэч – нікчэмныя) амбіцыі.
А вось у тэхнакратаў, якія за ім, такі план можа існаваць – усталяваньне дыктатуры новага фармату («тэхнафашызм»). Але гэта не прынясе нічога добрага ні для сьвету, ні для Беларусі.
Галоўная выснова, якую можна зрабіць і беларусам, і жыхарам іншых эўрапейскіх краінаў з першых ста дзён знаходжаньня ў Белым доме гэтай асобы – спадзявацца трэба на саміх сябе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное