Польскі аналітык: «Мы ацэньваем пагрозу з боку Расіі, якая можа прыйсці да нас праз Беларусь»

Палітычны аглядальнік выдання Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі — пра польскую пазіцыю адносна перамоў па спыненні вайны і міны на польска-беларускай мяжы.

— Польская пазіцыя ў тым, што ў перамовах павінна прысутнічаць Еўропа і Украіна. Гэта прыярытэты з нашага боку. Пакуль што Еўропа не падключана, але амерыканцы кажуць, што ў адзін момант Еўропа падключыцца, бо без еўрапейскіх абяцанняў не будзе магчыма дамаўляцца, — кажа Міхал Патоцкі ў эфіры Еўрарадыё.

Міхал Патоцкі. Фото: Еўрарадыё

Трамп казаў, што міратворчых амерыканскіх сіл ва Украіне не будзе. Значыць, будуць перадусім еўрапейскія, хаця ўкраінцы размаўляюць пра магчымасць адпраўкі такіх сіл пасля замарозкі канфлікту і з іншымі краінамі. Значыць, Еўропа таксама павінна дамаўляцца пра ўмовы.

Польскі бок казаў, што Польшча павінна ў нейкім фармаце прысутнічаць у гэтых перамовах хаця б праз Еўрасаюз.

Палітычны аглядальнік таксама выказаў думку, што падчас перамоў можа актывізавацца беларускае пытанне.

— Па-першае, таму, што ў Беларусі ўжо нібыта ёсць расійская ядзерная зброя. Я думаю, што расіяне могуць паставіць пытанне кшталту: мы забіраем ядзерную зброю з Беларусі, а вы — заходнюю прысутнасць з Польшчы, краін Балтыі і Румыніі.

Патоцкі таксама пракаментаваў заяву Польшчы пра намер ставіць міны на польска-беларускай мяжы.

— Мы праводзім палітыку, якая бярэ пад увагу пагрозу з боку Беларусі як часткі расійскай мілітарнай сістэмы. Таму што калі казаць пра войска, то Беларусь, на жаль, успрымаецца Варшавай як частка расійскіх узброеных сіл. Мы бачым, як выглядае расійска-ўкраінская вайна і разумеем значэнне супрацьпяхотных мін.

Мы падпісвалі канвенцыю (аб забароне супрацьпяхотных мін — С.) у мірныя часы. Але зараз бяспека — гэта прыярытэт. І мы разам з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй заявілі, што будзем выходзіць з гэтай канвенцыі.

Пакуль канкрэтных крокаў не зроблена, акрамя дэкларацыі, значыць, мы пакуль не маем гэтых мін на мяжы, але першы крок зроблены. Гэта сведчыць пра тое, як мы ацэньваем пагрозу з боку Расіі, якая можа прыйсці да нас праз Беларусь.

Мы, канешне, будзем сачыць за манеўрамі «Запад-2025», якія будуць праходзіць у Беларусі. Бо мы памятаем, што трэніравалася падчас папярэдніх манеўраў «Запад».