Общество

Уладзіміру Някляеву — 79. «Амаль палову года пракачаўся ў шпіталях»

У свой дзень народзінаў паэт піша пра адзіноту — у замежжы і дома.

Уладзімір Някляеў

— Прамінулы год не самы ўдалы ў жыцці — амаль палову яго пракачаўся ў шпіталях. Прычым, у стане неадступнага болю, так што было не да літаратуры. Як пісаў (абсалютную праўду) Маякоўскі: «Цвік у маім боце страшней, чым фантазія ў Гётэ».

І тым не менш...

Месяцы два таму патэлефанаваў мой блізкі сябар з Мінску, падключыў відэа і правёў мяне па горадзе. «Памятаеш, тут мы былі?.. Помніш, сюды завітвалі?.. Не забыўся, з кім у гэтым доме сустракаліся?.. А ў гэтым тэатры вершы чыталі...»

Ён наладзіў як бы настальгічную экскурсію, сэнс якой зводзіўся да таго, што апошнімі гадамі сталася так, што ў родным горадзе яму няма куды пайсці і няма да каго зайсці. Толькі дахаты, дзе ён і завяршыў «экскурсію», запрасіўшы мяне за ўжо накрыты стол з двума кілішкамі. Наліў адзін і выпіў.

Калі развіталіся, пранізліва падумалася пра адзіноту. Дакладней, пра дзве адзіноты. Пра тую, якая ў замежжы, дзе ўсё чужое, і да якой ты так ці інакш гатовы, бо ведаў, што яна непазбежная, і пра тую, якая дома, дзе нібыта ўсё тваё, а ты ва ўсім чужы.

Гэта розныя адзіноты. Зведаўшы абедзьве, магу сцвярджаць, што вельмі розныя. Хоць яны і сёстры. І абедзьве, калі абдымаюць, дык моцна. Але ўсё ж тая, якая дома, абдымае мацней. Часам ажно да задыху.

Пра гэта новая паэма з прадказальнай назвай.

АДЗІНОТА

(Урывак з паэмы)

…Не таму, што над восенню

лісцем кружляе самота,

Не таму што кружляе самота

над лёсам маім,

Не таму што сядае

каханка мая

адзінота

На калені мае

і маўчыць невядома аб чым,

Не таму што ў яе

невыносна тужлівыя вочы,

У якіх, бы ў асенніх нябёсах,

ляцяць жураўлі,

І што ціха яна,

каб не чуў,

сёння плакала ўночы,

І што болем пакусаны ў кроў

яе вусны былі,

Не таму, што яна

моўчкі рэчы наранку збірае,

Аглядае пакой,

ці забылася нешта,

ці не,

Не таму, што сама

адзіноты ўжо больш не трывае,

І што нават яна ў адзіноце

кідае мяне, –

Не таму!..

 

А чаму?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)