Вышыванкі, сувеніры і мэбля. Што вырабляюць зняволеныя ў Беларусі і колькі за гэта атрымліваюць
Калі прыгледзецца, у дамах большасці беларусаў знойдуцца тавары, зробленыя зняволенымі турмаў, у тым ліку палітвязнямі. Яны працуюць 10–12 гадзінаў на дзень у невыносных умовах і атрымліваюць за гэта да 15 рублёў на месяц.
Белсат распавядае пра тое, як калоніі ў Беларусі зарабляюць грошы на фактычна рабскай працы.

Не бізнес, а «арганізацыя вытворчай дзейнасці з мэтай працазанятасці асуджаных»
Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі (далей – ДВП) выкарыстоўвае працу зняволеных папраўчых калоніяў для вырабу самых розных тавараў, якія потым прадаюцца ў крамах і інтэрнэце. Напрыклад, у нашай краіне ёсць восем стацыянарных крамаў сеткі, без уліку пасярэднікаў.
Цяпер у ДВП 15 уласных прадпрыемстваў (у тым ліку адно сельскагаспадарчае), чатыры філіялы і дзевяць пазабюджэтных вытворчых цэхаў са сваёй вытворчай базай. Асноўная частка прадпрыемстваў называецца немудрагеліста – ДП «Чатырнаццаць», ДП «Пятнаццаць» і г. д.
Сярод тавараў можна знайсці мэблю, адзенне, абмундзіраванне, запчасткі, сувеніры, паліграфію, харчовыя прадукты і шмат што іншае. Але асноўны прадукт – драўніна і мэбля з яе, бо так больш прыбытку і прасцей: 8 % усіх лясоў краіны знаходзіцца ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, а тавары з драўніны экспартуюцца за мяжу з паметкай «ручная праца» (без указання, што гэта праца зняволеных).
«Супрацоўнічаючы з намі, вы набудзеце для сваёй кампаніі пастаяннага і надзейнага дзелавога партнёра», – піша ДВП на сваім сайце.
На 20 дрэваапрацоўчых прадпрыемствах, звязаных з калоніямі, выкарыстоўваюць працу 8000 зняволеных, якія робяць літаральна ўсё: ад высякання дрэваў да вытворчасці 800 найменняў мэблі. Ударнік галіны – «Івацэвічдрэў».
Колькі зарабляе на працы зняволеных ДВП, дакладна невядома: з 2019 года статыстыку закрылі, хоць у 2015 годзе галоўны інжынер ДВП Юрый Лаўрыенка выхваляўся, што, у адрозненне ад Расеі, ДВП Беларусі самаакупляецца.
– Я б не стаў называць гэтага бізнесам. Гэта ў першую чаргу арганізацыя вытворчай дзейнасці з мэтай працазанятасці асуджаных. У нашай сістэме яна павінна быць стоадсоткавая. Цікава, што, скажам, у Расеі няма такога, што прадпрыемства крымінальна-папраўчай сістэмы знаходзіцца на самаакупнасці.
Усе выдаткі на арганізацыю працы асуджаных датуюцца расейскімі падаткаплатнікамі. Мы ж самі зарабляем грошы, плацім падаткі, заробак працаўнікам і рабочым, – казаў Лаўрыенка.
15 рублёў за месяц працы. Колькі плацяць зняволеным
Калі спрасціць, усе, акрамя пенсіянераў і людзей з інваліднасцю I і II групы, у перыяд адбыцця пакарання абавязаныя працаваць.
На прадпрыемствах ДВП, дзяржпрадпрыемствах, заводах накшталт МАЗ і МТЗ працуюць не толькі зняволеныя калоніяў, але і тыя, хто знаходзіцца на «хіміі» і ў лекава-працоўных прафілакторыях (ЛПП). Пры гэтым зняволеныя калоніяў не могуць выбіраць сабе працы, за іх гэта робіць ДВП.
Цяпер мінімальны заробак у Беларусі за поўны месяц – 726 рублёў, менш за гэтую суму плаціць работніку за поўны працоўны месяц незаконна. Аднак у чалавека ў зняволенні ўсё ўладкавана інакш: ад гэтага мінімуму адымаюцца сумы за пражыванне і харчаванне ў калоніі, аліменты (калі ёсць), выплаты кампенсацыяў пацярпелым, штрафы і г. д.
У выніку ні ў каго не выходзіць мінімуму, шмат хто атрымлівае ў дзясяткі і сотні разоў менш, працуючы звыш нормы. Гэтыя грошы «на рукі не выдаюцца, а пералічваецца на іх асабовыя рахункі».
ДВП кажа, што аплата працы зняволеных «ажыццяўляецца згодна з працоўным заканадаўствам», але назваць гэта працай цяжкавата: гэта прымусовая праца.
Гэтак, у калоніі № 2 у Бабруйску ў зняволеных выходзіць практычна сярэдні заробак на месяц. Але пасля ўсіх вылікаў застаецца каля 20 беларускіх рублёў.
– Нездарма сюды прыцягваюць аліментнікаў і тых, у каго вялікія прэтэнзіі. У самога на месяц выходзіла не больш за 2 рублі ($ 0,79). А праца была цяжкая і брудная, – распавядаў у інтэрв'ю «Настоящему времени» адзін з былых палітвязняў.
Палітзняволеная Наталля Хершэ за адзін з месяцаў працы ў жаночай калоніі Гомля атрымала 6,66 рубля. Адзін з былых палітвязняў таксама расказаў «Белсату», што звычайная сума на рукі ў калоніі – да 15 рублёў, але «для палітычных куды меншая».
Яшчэ адна былая зняволеная распавяла, што ейны максімум за час у калоніі склаў 40 рублёў на месяц – пры працы па 10,5 гадзіны швачкай поўны працоўны месяц.
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк таксама распавяла ў інтэрв'ю «жизнь-малина», што сярэднія заробкі ў калоніях – ад 5 да 10 рублёў, у некаторых выпадках нават меншыя.
– Гэта значыць, Расеі выгадна шыць, бо шыюць практычна бясплатна. Таму што калі такі касцюм каштуе ад 700 да 1000 беларускіх рублёў, дык шыюць яго жанчыны, атрымліваючы за пашыў 5–10 рублёў у месяц. Вядома, былі і заробкі 2 рублі 70 капеек.
І гэта нягледзячы на тое, што акрамя абавязковых васьмі гадзінаў працы ўсталёўваюцца такія нормы выпрацоўкі, якіх чалавек проста не ў стане вырабіць за гэтыя восем гадзін, і таму жанчыны вымушаныя добраахвотна ці прымусова выходзіць на так званыя працоўныя вахты.
Потым працоўны дзень можа павялічыцца да 12–16 гадзін. І часта практыкуецца праца ў нядзелі. Гэта значыць, чалавек шые, шые і шые без прыпынку. Ён проста на мяжы сваіх фізічных сілаў, ён слепне, ён глухне, і за ўсё гэта ён атрымлівае капейкі, – адзначыла яна.

Шопэры, сувеніры, пасцельная бялізна і вышыванкі
Прадукцыю, якую за капейчыны робяць зняволеныя, ДВП і дзяржпрадпрыемствы прадаюць праз сваю сетку і сетку пасярэднікаў. Выгада каласальная: аплаты працы практычна няма, працэдура дзяржзакупаў спрошчаная, а прыбытак ідзе ў дзяржаўны скарб. Калі прадаць за мяжу – выходзіць яшчэ выгадней.
Часта і самі беларусы не звяртаюць увагі на вытворцу тавараў у краме. Напрыклад, прадукцыю, якую рабілі зняволеныя ПК № 8 у Полацку, ПК № 2 у Бабруйску і ПК № 9 у Горках прадаюць на сайце deal.by з ганарлівай пазнакай «Зроблена ў Беларусі».
Пры гэтым арэлі, зробленыя зняволенымі калоніі ў Полацку, на момант напісання артыкулу былі ў топе продажаў. Па цане 754 рублі, прыкладна як паўгода працы аднаго палітвязня.
Звыклыя ўсім жоўтыя кантэйнеры для пластыку ў дварах, мангалы, чырвона-зялёныя вулічныя трэнажоры – гэта таксама прадукцыя, зробленая рукамі зняволеных. Як і металічны інвентар кожнай дзяржаўнай гаспадарчай крамы.
Жанчыны ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі шыюць не толькі адзенне для амапаўцаў і халаты для работнікаў заводу «БелЛакт», але і сувенірныя кашулі з вышыванкай за 141 рубель, ільняныя ручнікі, пасцельную бялізну, а таксама шопэры за 9 рублёў з прызнаннем у любові да... Парыжу. Дарэчы, пасцельная бялізна з такой жа фатаграфіяй цяпер прадаецца ў Малдове, але вытворцам пазначаны беларускі «Блакіт».
У ПК № 12 у Воршы адбываюць пакаранне хворыя на актыўную форму туберкулёзу. Калі вы думалі, што яны не працуюць, дык памыляецеся: тут вырабляюць разьбяныя сувеніры з дрэва коштам ад 100 рублёў, крэслы за 130 рублёў, валы да МАЗ за 450 рублёў і смеццевыя кантэйнеры за 620 рублёў.
Сайт един.бел, які акумулюе тавары, зробленыя з выкарыстаннем працы зняволеных, піша пра сябе так: «Пакупкі з намі – гэта гарантаваныя зручнасць і задавальненне. Мы няспынна працуем над тым, каб паляпшаць і пашыраць наш асартымент, адпавядаючы сучасным тэндэнцыям і стандартам».
Тут прадаюць драўляныя гадзіннікі ў выглядзе контураў Беларусі за 110 рублёў, скураныя фатэлі за 836 рублёў, ільняныя абрусы з васількамі за 163 рублі і разнастайныя сувеніры.

Папраўчая калонія № 20 у Мазыры хваліць сябе за «высокую якасць, невысокія цэны і гарантыю даставаў у вызначаныя тэрміны». Зняволеныя гэтай калоніі робяць дзіцячыя пляцоўкі, вулічны інвентар і вельмі шмат вырабаў з дрэва. Амаль увесь асартымент мэблі з масіву дрэва ў каталогу ПК № 20 можна знайсці на шведскім сайце allwoods.ee. Вось гэта – шафа з сайту калоніі, вось – з замежнага сайту, а вось гэтая ж шафа ўжо з расейскага сайту, краінай вытворчасці пазначаная Беларусь.
Мяркуючы з дакументаў, валодае сайтам allwoods.ee эстонская кампанія, заснаваная ў 2015 годзе. Яе асноўны від дзейнасці – пасярэдніцкая дзейнасць у даставе тавараў з Беларусі.
«У папярэднія перыяды імпарт тавараў ажыццяўляўся з Беларусі, аднак праз санкцыі ў справаздачным перыядзе гэта зрабілася немагчымым і кампанія шукае новых месцаў для даставы тавараў», – вынікае са звестак крэдытнай кампаніі «Kreedix» пра гэтага дастаўцу мэблі.
«Белсат» накіраваў кампаніі пытанне, ці можна набыць гэтую мэблю на сайце цяпер, але пакуль не атрымаў адказу.
У 2019 годзе ДВП пісаў, што супрацоўнічае з кампаніямі з больш як 20 краінаў свету, але цяпер такой інфармацыі на сайце ўстановы няма. З большасцю еўрапейскіх кампаніяў легальна супрацоўнічаць беларускі ДВП цяпер не можа, але галоўны рынак збыту застаўся – Расея.
Яшчэ нядаўна як мінімум 10 беларускіх дастаўцаў «IKEA» (а гэта амаль палова партнёраў кампаніі ў Беларусі) мела сувязі з папраўчымі калоніямі. У 2022 годзе брэнд заявіў аб сыходзе з беларускага і расейскага рынку.

Зразумець, у якія краіны дастаўляецца прадукцыя ДВП пасля ўвядзення санкцыяў, складана. Праца зняволеных выкарыстоўваецца не толькі на прадпрыемствах самога ДВП, але і на шматлікіх іншых, часцей за ўсё – на буйных заводах.
Зрэшты, прыцягваць да працы зняволеных могуць і прыватныя прадпрыемствы, як гэта адбылося пад Лідай, дзе на плантацыі цыбулі кампаніі «Цыбулька-Бел» таксама працавалі палітвязні за 5 еўраў на дзень.
Пры гэтым адзін і той жа тавар, выраблены з прыцягненнем працы зняволеных у Беларусі, можа быць паказаны на розных сайтах пад розным брэндам. Напрыклад, вось тая самая тумба з каталогу прадукцыі ДВП: у інтэрнэт-краме 21vek.by за 894 рублі і ў каталогу «Onliner» за 1000 рублёў.
Хоць яе можна знайсці ў каталогу ўласнай прадукцыі ДВП, тумба таксама ёсць у каталогу івацэвіцкага ТАА «КОММОДУМ». А вось тая ж тумба на расейскім сайце, але тут вытворцам ужо напісаны «Pin Magic» або «ЭКОДРЕВМЕБЕЛЬ» (Беларусь), кошт – каля 1570 беларускіх рублёў.
Акрамя таго, часта ДВП проста крадзе і змяшчае ў сваім каталогу фота чужой прадукцыі, як, напрыклад, гэтая шпакоўня з сайту англійскага вытворцы з 40-гадовай гісторыяй.
Адно можна сказаць дакладна: асноўнымі пакупнікамі прадукцыі беларускіх калоніяў цяпер можна назваць беларусаў і расейцаў. Напрыклад, тавары з каталогаў прадукцыі калоніяў найчасцей можна знайсці на шматлікіх расейскіх сайтах, прычым на экспарт яны часцяком ідуць ужо пад іншымі брэндамі (напрыклад, «Pin Magic»» або «Волшебная сосна»).
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное