Общество

Як склалася ў эміграцыі жыццё 22‑гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні, якую вызвалілі па памілаванні

Сябры Дануты распавялі Нашай Ніве, як яна перажыла несувымернае яе дзеянням пакаранне.

Студэнтку-выдатніцу філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дануту Перадню затрымалі амаль адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне — 28 лютага 2022 года. Рэпост антываеннай публікацыі ў адным з магілёўскіх чатаў, дзе крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі і заклікалася да вулічных выступленняў, каштаваў ёй жорсткага прысуду ў 6,5 года зняволення, адлічэння з ВНУ і статусу «тэрарысткі».

22‑гадовая «тэрарыстка» прабыла за кратамі амаль тры гады — дзяўчыну вызвалілі ў канцы 2024 года па памілаванні. Цяпер Данута жыве ў Польшчы і плануе зноў пайсці вучыцца, каб нагнаць адабраныя студэнцкія гады. Сябры Дануты распавялі «Нашай Ніве», як яна перажыла несувымернае яе дзеянням пакаранне.

Данута Перадня нарадзілася ў Кіраўску. Дзяўчыне інкрымінавалі два артыкулы Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Першы час пасля затрымання, перастрэсаваўшы, Данута зусім нічога не магла есці.

«Яна расказвала, што хоць у ІЧУ кармілі прымальна, але ёй проста кавалак у горла не лез. А вось з вадой былі праблемы: у камеры не працаваў кран, і ў яе не было магчымасці піць. Потым яна дадаткова стрэсанула ў Гомельскім СІЗА — яе там на нейкі час пакінулі ў бетоннай транзітнай камеры з жалезнымі нарамі, на якіх немагчыма было спаць.

Але яна не магла спаць не толькі па гэтай прычыне: да Дануты падсялілі фанатычную жанчыну, якая начамі сабе нешта нашэптвала, хадзіла па камеры, малявала нібыта нейкія крыжы на сценах.

А адзін раз яна павысіла голас на Дануту за тое, што тая паставіла кубак на стол. Маўляў, стол заўсёды павінен быць чыстым, бо гэта «далонь Бога» — Данута казала, што гэта яе вельмі моцна пужала, яна не ведала, чаго чакаць ад сукамерніцы».

Яшчэ дзяўчыну негатыўна ўразіў эпізод з Бабруйскага СІЗА.

«Там была такая сітуацыя, што з іх камеры недзе за 10 хвілін да адбою забралі дзяўчыну і прывялі назад праз паўгадзіны абсалютна лысую. Данута расказвала, што разумела, што яе пагалілі, таму што ў той былі вошы, якіх інакш ніхто не збіраўся апрацоўваць, але потым ёй гэтая карцінка пастаянна снілася і прымушала дрыжаць: падрапанае СІЗА, важкія, грукотныя жалезныя дзверы і лысая галава ў іх пройме».

Вялікую частку тэрміну Данута якраз прасядзела ў Бабруйску, пры гэтым палітычных там амаль не было — Дана перасеклася толькі з дзвюма жанчынамі пенсійнага ўзросту.

«Яна казала, што жанчыны тыя былі ў дрэнным эмацыйным стане, з негатыўнымі думкамі, перажывалі за сваю сям’ю, унукаў… Дане хоць самой было цяжка — пасля агучвання прысуду, як яна апісвала, ёй проста хацелася ўпасці на падлогу і больш не падымацца ніколі, — але яна імкнулася падтрымліваць гэтых пенсіянерак, быць ім апорай. Сукамерніцы яшчэ тады адзначылі, што Дана як сонейка, якое проста не можа патухнуць. Яна сапраўды ў многіх з сонцам асацыюецца».

Пасля этапу ў Гомельскую жаночую калонію Дануту паставілі працаваць у цэх раскрою тканіны.

«Яна працавала на піле — кроіла тканіну. Піла там ручная, вельмі шмат важыць. Плюс пастаянна трэба было быць на нагах — карацей, праца складаная фізічна была».

Дана таксама расказала сябрам пра лісты — амаль нічога не ад сваякоў ёй не дайшло. Часам здаралася, што і ад родных аддавалі толькі самы канец ліста.

Напісаць прашэнне на памілаванне Дануце прапанавалі за паўтара месяца да таго, як яе адпусцілі.

«Дана радавалася свабодзе, канечне. Але ёй было вельмі сумна ад таго, што вось яна выйшла, сакурснікі скончылі ўніверсітэт, працуюць, у іх нібыта наладжаны побыт, а ёй невядома куды кідацца і за што хапацца. Адзіны плюс зняволення для Дануты, як яна казала: яна навучылася казаць «не» і сустрэла шмат добрых людзей, з якімі сябруе і зараз».

Дана плануе паступіць за мяжой ва ўніверсітэт. Пакуль вучыць польскую мову, у яе ёсць магчымасць выбраць паміж блізкімі ёй варыянтамі: працягнуць далей вучыць філалогію, пайсці на ветэрынара ці ў харэографы.

«Дана таксама вельмі любіць нешта сваімі рукамі майстраваць. Памятаю, яна нейкі час стварала з лямпачак араматызатары: даставала цокаль, унутры афармляла лаванду, іншыя сухія кветкі, дадавала туды аромаалеі. Так што не выключана, што яна будзе развіваць і свае такія хобі, як будзе вольны час», — разважае суразмоўца.

«Таксама па ёй відаць, што яна моцна сумуе па Беларусі. Яна казала, што ёй сніцца яе побыт на радзіме, але яна радая быць на волі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)